środa, 6 lutego 2013

Якая ж то праўда на свеце? 67 гадоў з часу забойстваў беларусаў Падляшша польскімі партызанамі

Ян Максімюк

На мінулым тыдні ў Бельску адбылася паніхіда на гарадзкіх вайсковых могілках.



Служыў праваслаўны бацюшка, паміналі зусім не вайсковых людзей, а 30 мірных жыхароў Падляшша, якія загінулі 67 гадоў таму. Некаторых зь іх застрэлілі. Ім, так сказаць, пашанцавала. Бо большасьць зь іх, як здаецца, забілі абухом сякеры.
Асаблівыя могілкі
Дзіўныя гэтыя вайсковыя могілкі ў Бельску. У камуністычны час там былі толькі сымбалічныя магілы савецкіх салдатаў, якія загінулі ў 1944 годзе, вызваляючы Беласточчыну ад немцаў. Пасьля палітычнага пералому 1989 году на іх зрабілі таксама месца і для змагароў антыкамуністычнага падпольля, то бок тых, хто змагаўся і супраць савецкіх салдатаў, якія вярталіся пасьля здабыцьця Бэрліну дахаты. А ў 2002 годзе там зьявіўся помнік 30 фурманам, праваслаўным беларусам, якіх забілі згаданыя антыкамуністычныя змагары.

То бок на гэтым бельскім могільніку ляжаць парэшткі і забойцаў, і іхніх ахвяраў, як у мэтафарычным, так і літаральным сэнсе. Зразумела, паніхіды там служаць у розныя дні, з розных нагодаў і розныя служкі-то праваслаўныя бацюшкі, то каталіцкія ксяндзы.
Крывавы рэйд
30 падляскіх сялянаў забілі жаўнеры з аддзелу гэтак званага Нацыянальнага вайсковага задзіночаньня (Narodowe Zjednoczenie Wojskowe), створанага тымі вайскоўцамі Арміі Краёвай, якія не пагадзіліся на яе фармальны роспуск у пачатку 1945 году. Аддзелам кіраваў капітан Рамуальд Райс (псэўданім «Буры»), які ў 1944 годзе перайшоў з АКаўцамі зь Віленшчыны на Беласточчыну. Пасьля роспуску Арміі Краёвай «Буры» ўступіў у камуністычнае Войска Польскае, але неўзабаве дэзэртыраваў зь яго і пайшоў у антыкамуністычнае падпольле. У гісторыі Беласточчыны «Буры» запісаўся перш за ўсё як выканаўца крывавага рэйду пад канец студзеня і на пачатку лютага 1946 году, у выніку якога было спалена пяць вёсак і загінулі 79 чалавек, праваслаўных беларусаў, уключна з малымі дзецьмі, жанчынамі і старымі. Шмат хто зь іх згарэў у падпаленых хатах.
Паводле таго, што здолела выявіць сьледзтва ў справе рэйду (матэрыялы гэтага сьледзтва я гартаў у беластоцкім судзе ў пачатку1990-х), 28 студзеня 1946 «Буры» са сваім аддзелам (у якім было каля 200 чалавек, як былых АКаўцаў зь Віленшчыны, так і мясцовых палякаў) апынуўся каля вёскі Лозіцы. Там аддзел запыніў абоз фурманак, якім мясцовыя сяляне на загад улады ехалі на нарыхтоўку дроваў для школы.
29 студзеня аддзел «Бурага» зрабіў бравурны напад на савецкі гарнізон у Гайнаўцы, забіўшы двух савецкіх салдатаў і ўзяўшы ў палон падпалкоўніка (якому, паводле матэрыялаў пазьнейшага сьледзтва, удалося ўцячы).
30 студзеня аддзел «Бурага», праяжджаючы празь вёску Краснае Сяло, пастанавіў памяняць некаторых вазакоў і загадаў солтысу ў вёсцы падрыхтаваць новыя падводы. З Краснага Сяла выехалі з аддзелам 12 фурманаў, вярнуліся дадому чацьвёра.
31 студзеня аддзел «Бурага» апынуўся ў лесе каля вёскі Старыя Пухалы. Фурманаў, якія ўмелі перажагнацца па-каталіцку і згаварыць пацер па польску, ён адпусьціў дадому. А іншых — загадаў забіць. Людзі ў Пухалах потым казалі, што ў тую ноч у вёсцы чуваць было крыкі катаваных людзей і толькі нешматлікія стрэлы. Хутчэй за ўсё, фурманаў затаўклі абухамі сякер, а стралялі толькі ў тых, якія спрабавалі ўцякаць. Агулам — 30 чалавек, з 12 вёсак: Краснае Сяло, Збуч, Чыжы, Вялікія Пасечнікі, Ягаднікі, Лозіцы, Махнатае, Залешаны, Ракавічы, Крывая, Арэшкава, Выганоўская Волька.
1 лютага «Буры» спаліў вёскі Залешаны і Выганоўскую Вольку. У Залешанах «Буры» загадаў сабраць усіх людзей на сход у адной хаце, дзьверы да якой яго жаўнеры потым завязалі і хату падпалілі. Шмат людзей абгарэла, але ніхто не загінуў, бо людзі ўрэшце высадзілі дзьверы і кінуліся ўцякаць. Я быў у Залешанах у 1990 годзе, гаварыў са сьведкамі таго часу. Яны мне казалі, што жаўнеры, якім было загадана вартаваць хату, пакуль яна не згарыць дашчэнту, стралялі па людзях, якія ўцякалі ў поле, але хутчэй паўзьверх іх, каб не пацэліць. Парадаксальна, у вёсцы загінулі людзі, якія на сход не прыйшлі. «Буры» загадаў падпаліць усю вёску, і 15 чалавек, уключна зь дзецьмі і жанчынамі, або згарэлі ў полымі, або былі застрэленыя на панадворках, калі спрабавалі ратавацца ад пажару. У далучаным відэароліку Пётр Младзяноўскі, жыхар Залешанаў, распавядае пра той крывавы дзень у сваёй вёсцы. Яму тады было шэсьць гадоў, і ён быў у палаючай хаце, зь якой спрабаваў уцячы акном яшчэ перад тым, як ашалелыя ад жаху людзі выламалі дзьверы. Пётр Младзяноўскі гаворыць на падляскай гаворцы сваёй вёскі.
2 лютага аддзел «Бурага» спаліў вёску Зані (забіўшы 24 чалавекі) і Шпакі (загінулі 9 чалавек). Я быў у Занях у 1990 годзе і гаварыў са сьведкамі той трагедыі. Калі хто хоча ведаць, як выглядае падляская вэрсія беларускай Хатыні, можа пачытаць мой артыкул з таго часу, апублікаваны ў «Ніве» ў траўні 1990. Асобам з далікатнымі нэрвамі чытаньне не рэкамэндуецца.
«Бурага» камуністы злавілі ў 1948 годзе, судзілі ў Беластоку і павесілі ў 1950-м. У судзе «Буры» сваёй віны не прызнаў, звальваючы адказнасьць за спаленыя вёскі і забітых беларускіх сялян на свайго намесьніка.
Потым
Мы, пакаленьні падляскіх беларусаў, народжаных пасьля вайны, вырасьлі, так бы мовіць, у зарыве ад гэтых пажараў зстудзеня-лютага 1946-га. Мы ня ведалі жахлівых падрабязнасьцяў усіх гэтых 79 забойстваў, але таго, што ведалі, нам хапала, каб разумець, хто паляк, а хто свой. Калі я сёньня думаю, а што насамрэч зьяўляецца той найважнейшай гістарычнай падзеяй, якая застаецца ў сьвядомасьці ўсіх беларусаў Беласточчыны і ў ацэнцы якой яны абсалютна згодныя, дык прыходжу да высновы, што гэта якраз тыя палаючыя вёскі і тая нявінная кроў зь зімы 1946. Усё іншае мела значна меншае значэньне ў параўнаньні з гэтай этнічнай чысткай, праведзенай палякамі над беларусамі.
Цягам усяго камуністычнага пэрыяду ніхто не пісаў праўды пра Зані і Залешаны. Нават камуністы, якія засудзілі «Бурага» на сьмерць, ня ведалі, як да гэтай тэмы падступіцца. Забітыя з Занёў і Залешанаў былі оптам залічаныя ў ахвяры «змаганьня за ўмацаваньне народнай улады», але нават для камуністычных публіцыстаў гэткае акрэсьленьне гучала вельмі фальшывай нотай. Якім чынам змагалася за ўладу чатырохгадовае дзіця з Занёў, якое забілі разам зь яго васьмідзесяцігадовым дзедам? Слова «генацыд» у гэтым кантэксьце было забароненае, а слова «этнічная чыстка» тады ніхто не ўжываў.
У посткамуністычнай Польшчы «Бурага» рэабілітавалі. Суд у Варшаве ў 1995 годзе вырашыў, што палячы беларускія вёскі і забіваючы мірнае насельніцтва, Рамуальд Райс знаходзіўся ў «абставінах вышэйшай неабходнасьці, якая прымушала яго рабіць дзеяньні не заўсёды адназначныя этычна». Гэта ня жарт, а афіцыйная фармулёўка рашэньня аб рэабілітацыі.
Беларусы спахапіліся запозна, тым ня менш заснавалі Камітэт сем’яў забітых фурманаў, якому пасьля доўгіх гадоў валтузьні з афіцыёзам удалося перапахаваць парэшткі закатаваных фурманаў на вайсковым могільніку ў Бельску і паставіць помнік з высечанымі на ім імёнамі ахвяраў і іх ката.
Сьледзтва ў справе крывавага рэйду «Бурага» доўгія гады вёў Інстытут нацыянальнай памяці — інстытуцыя, якая займаецца «злачынствамі супраць польскай нацыі». Інстытут спыніў гэтае сьледзтва ў 2005 годзе, зрабіўшы выснову, што дзеяньні «Бурага» ўстудзені-лютым 1946-га на Беласточчыне «мелі прыкметы генацыду». Але гэтае рашэньне ня мела ніякіх наступстваў, то бок, нікога ў гэтай справе дадаткова не абвінавацілі, не адмянілі рэабілітацыі «Бурага» і ня выплацілі ніякай кампэнсацыі сем’ям закатаваных і спаленых людзей.
Ужо некалькіх гадоў чуваць галасы, што сем’ям забітых фурманаў трэба падаць калектыўны пазоў у суд супраць дзяржавы, якая рэабілітавала злачынцу, адказнага за генацыд, і выплаціла кампэнсацыю яго сям’і, а пры гэтым ніяк ня ўважыла сем’яў ахвяраў. Гаварылі пра гэта і пасьля сёлетняй паніхіды.
«Якая ж то праўда на светі?» — пытаецца рытарычна ў відэароліку Пётр Младзяноўскі з Залешанаў, згадваючы рэабілітацыю «Бурага».
На рытарычныя пытаньні наогул ня варта адказваць, але я адкажу:якраз такая праўда на светі.


Героі і ахвяры
Хачу тут прыгадаць свой тэкст „Попел і памяць”, апублікаваны ў беластоцкай „Ніве” у траўні 1990 году. Нагода для гэтай згадкі — 67 гадавіна этнічнай чысткі на Беласточчыне, якую зімою 1946 году правёў аддзел антыкамуністычнага падпольля, складзены з АКаўцаў, якія перайшлі на Беласточчыну зь Віленшчыны. Аддзел, пад камандаваньнем Рамуальда Райса („Бурага”), спаліў пяць вёсак, населеных праваслаўнымі беларусамі, і забіў больш за 80 чалавек мірнага насельніцтва, уключна з жанчынамі і дзецьмі. Мой тэкст распавядае пра пацыфікацыю вёскі Зані (Zaniê).

У Занях гавораць на падляскай гаворцы, асаблівасьцю якой зьяўляецца „мазураньне” — вымаўленьне, пад уплывам польскіх гаворак на Мазоўшы, szc i dz замест šžč i syrokizabacyrvonysidzu. Так сама гавораць і ў вёсцы Шпакі, якую таксама падчас свайго крывавага рэйду ў студзені-лютым 1946 спаліў аддзел „Бурага”.
Камуністы схапілі „Бурага” ў 1948, судзілі яго ў Беластоку і павесілі ў 1950. У 1995, ужо ў новай Польшчы, яго рэабілітавалі і памясьцілі ў пантэон „żołnierzy wyklętych”, то бок тых, хто змагаўся ў падпольлі з камунізмам. У падляскіх беларусаў свая оптыка адносна „Бурага”.
Людзі ў Занях, якія распавялі мне гэтую гісторыю, ня толькі не хацелі, каб я запісваў іхнія прозьвішчы, але і не хацелі гаварыць у мікрафон. Я запісваў іхнія расповеды на хаду ў нататніку. Адна асоба гаварыла па-падляску, іншыя па-польску, але з моцным уплывам сваёй мясцовай гаворкі. Рыхтуючы матэрыял да публікацыі, я стараўся, каб у тэксьце застаўся нейкі сьлед ад гэтай моўнай ідыясынкразіі суразмоўцаў, а таму і ня надта зьвяртаў увагу на нарматыўнасьць перакладу на беларускую мову.
Помню, што запісаўшы тэкст, я перачытаў яго, і мне стала страшна. А таму я дадаў апошні сказ. Сёньня я яго ня ставіў бы.


Попел і памяць
Памяць ведае больш, чым слова можа сказаць. Памяць ведае больш, чым слова хоча сказаць. Памяць — ня слова — хоча сказаць усё і ня можа.
Тое, што ў словах:
Успамінае М. К.: Гэта было ў суботу, якраз выпалі польскія Грамніцы. У нас у хаце была я зь сястрою, мама, малодшы брат Ёзік, тата драмалі на зэдліку каля печкі. На вячоркі прыйшлі дзьве мае сяброўкі, адна прала на калаўротку, другая вязала на дротах. Старэйшы брат Уладзік забег у хату і кажа, што паляць Шпакі. Відаць зарыва і дым. Мама кажа, што трэба павыносіць з хаты, бо прыдуць і нас спаляць. Потым хтось грукнуў у дзьверы, тата выйшлі і ў хату ўжо не вярнуліся. Потым стрэлілі ў акно, і згасла карбідоўка. Мы пападалі на падлогу. Я падняла галаву і бачу праз акно, што і наша вёска ўжо гарыць. Ідзі на гару і павынось што, кажа мне мама. Я пайшла і бачу з гарышча, што людзі пабітыя на вуліцы ляжаць. Бо на вуліцы ясна, як удзень, ад агню. Сыходжу і кажу маме. Мама ўзялі польскую ікону, была ў нас адна, і выйшлі на двор. Мы ўсе за ёю. Брат, я памятаю, пасьпеў захапіць з сабою школьны тарністар. Мы хадзілі ў школу ў Занях, вучыў нас найстарэйшы наш брат, Янак, яго ў той час дома не было, бо старэйшыя хлопцы і мужыкі здаўна ўжо ў хатах не начавалі. Хто дзе, у клуні, на вышках у хляве або на грушы, абвязаўшыся вяроўкаю, каб ня ўпасьці, калі засьне. Стаімо мы перад нашым домам, а яны ідуць вуліцай і заходзяць у наш панадворак. Адзін зь іх узяў і прыставіў мне пісталет да галавы. „Поляцы чы бялорусы?” — пытаецца. „Пане, мы поляцы, не забівайце нас”, — кажуць мама. — „Як пан не вежы, то нех запыта у сонсядкі. Она католічка”. Цераз вуліцу жылі католікі, нашы суседзі. Мама пабачылі, што суседка ...цкая стаіць перад домам, і падумалі, што за нас заступіцца. Бо мы зь імі жылі як адна сям’я, гэта я тут праўду, як на споведзі, кажу. Яны былі бедныя, а нашы мама былі шчырыя, спагадлівыя, і памагалі ім чым маглі. Адзін пайшоў пытацца, ці палякі мы. І тая ...цкая сказала, ведаеце, з такой пагардай ці са злосьцю: „Так, так, полякі”. Ён вярнуўся і стрэліў зь пісталета маме ў галаву. Я бачыла, як страшна пырснула кроў маме з галавы. Мама ўпалі каля хаты. Брат Ёзік кінуўся ўцякаць за хату, за ім стралялі, але не пацэлілі. Ён прасядзеў усю ноч у акопах за вёскай, вярнуўся на другі дзень, ужо на папялішча. А нас зь сястрою і з тымі сяброўкамі запхнулі ў хату. Адзін зь іх прынёс ад суседзяў акалот саломы, яны ім уваход у пограб закрывалі, бо дзьвярэй не было, завалок яго на гару і запаліў. І потым пайшлі паліць далей. Мы думалі, што дзьверы завязалі чым, каб нам ня выйсьці, і пазалазілі пад ложак. Але тут дым, кроквы трашчаць і пачынаюць падаць. Я вырвала акно, у нас яно было падвойнае, як на зіму, другую раму выпхнула на двор. Пад акном у нас была сажалка, тут на яе салома са страхі падае і гарыць. Вада гарыць. Хоць быў люты, то вада не замёрзла, бо тады якраз стаяла адліга. Няма як выскачыць, бо ўсюды агонь. Але вытрываць ня можна, мы ўжо пачалі задыхацца. Тады я ўзяла сястру на рукі, ёй было сем гадоў, а мне чатырнаццаць, і кінулася цераз полымя, церазь сенцы на двор. Дзьверы не былі завязаныя. За мною мае сяброўкі. Я пабегла цераз вуліцу да тых суседзяў і, не пытаючыся, шмыганула ў іхнюю хату і схавалася там. Там, дзе жылі палякі, то не палілі, толькі беларусаў. А таксама абапал дамоў не палілі, каб католікі не згарэлі. У нас у вёсцы было чатыры польскія сем’і, са „шляхты”. І тая суседка, што сказала „так, так, полякі”, забегла ў хату і выгнала нас адтуль, як паршывых сабак. Я зь сястрою на руках пабегла ў куток панадворка, там у іх хвораст ці то ядловец ляжаў, і таксама пярыны, што павыносілі з хаты, бо ім сказалі раней, што паліць беларусаў будуць, каб павыносілі, калі б ад пажару і іхняя хата занялася. Але і адтуль нас прагналі. І мы схаваліся ў куратніку, што стаяў побач сялібы тых суседзяў. Там мы і прабылі да раньня, не выходзілі, калі яны зьбіраліся і крычалі „Зьбюрка! Зьбюрка!”, а потым пайшлі дарогаю на Сьвірыды.
Успамінае Н. А. (сястра М. К.): Я ляжала ў тым куратніку на курыным памёце ў адной кашулі. Сястра мне казала не варушыцца. Сама была ля дзьвярэй. Я чула, як яна дрыжыць і трасецца. У вёсцы стралялі, я цераз пазы бачыла, што на загуменьні стаялі іхнія падводы, чакалі, аж тыя ў вёсцы паб’юць людзей і папаляць. Яны зьбіраліся потым вельмі доўга. Ураньні сястра знайшла брата Янака, і ён перанёс мяне ў клуню, якая не згарэла. Сама я ісьці не магла. Тады ён адвёз мяне ў Сьвірыды да сваякоў. Вясною я вярнулася ў Зані да бабкі. Зані пасьля пажару апусьцелі, людзі хаваліся ў іншых вёсках, доўга не варочаліся. Тата, як вярнуліся ў нядзелю ранкам, то ўбачылі, што мама згарэлі разам з хатаю, засталіся толькі адны костачкі. Тата пазьбіралі іх у палатно, зьбілі з дошак труну і хавалі разам зь іншымі пабітымі, за вёскай, у супольнай магіле, мы туды пойдзем, я вам пакажу. Праваслаўныя могілкі былі ў Бранску, але людзі баяліся туды ехаць і хаваць, каб там нас не пабілі. Разам у той магіле пахавалі 24 асобы. Тыя нашы сяброўкі выжылі, яны былі сёстры, але тата і маму ім забілі.
Успамінае А. К.: Яны прыходзілі да нас раней, перад тым, як нас спалілі, былі разоў дваццаць. Грабілі, забіралі коні, сьвіньні, вопратку, хлеб, усё, што згледзелі. Прыходзілі ноччу, грукалі ў акно. Калі гаспадар пытаўся „хто?”, яны казалі „польске войско”. Мы ўжо ведалі, хто такія і чаго ім трэба. Тады мне было 19 гадоў, я быў на вёсцы, сядзеў з хлопцамі ў некага ў хаце. Па начах мы ў хатах ня спалі, бо калі каго з хлопцаў зловяць, то катуюць. Мы пачулі шоргат і рыпеньне падводаў. Я выйшаў на двор і бачу, што вёску акружаюць. Пытаю хлопцаў, куды ўцякаць будзем? Усе разьбегліся, хто куды. Я сам пабег цераз садок у той бок, дзе лес. Але згубіў шапку і вярнуўся па яе. Тут мяне і схапілі. І вядуць па вуліцы. З адной хаты выглянуў стары, называўся ён Міхал. Яго таксама забралі і павялі са мною. Завялі нас на гасьцінец, што ідзе на Сьвірыды, і там сказалі класьціся на зямлю. Потым адзін зь іх пайшоў на вёску і доўга не варочаўся. Мусіць, пытаўся ў камандзіраў, што з намі рабіць. У вёсцы чуваць была страляніна, з абодвух бакоў пачалі яе паліць. Потым той паляк, што пайшоў, варочаецца, выцягвае пісталет і пытаецца ў Міхала: „Поляк чы бялорус?” „Бялорус” — кажа дзядзька Міхал. Той стрэліў у яго два разы. Потым пытаецца пра тое самае ў мяне. Я адказваю так сама. Ён страляе ў мяне. У першую хвіліну мне падалося, што мне раскалолі галаву і выбілі мозг. Але ж не, я ляжу і думаю, значыць, я жыву і галава цэлая. Чую, як енчыць і страшна хрыпіць дзядзька Міхал. Яму, мусіць, прастрэлілі лёгкія, краем вока бачу, як ён пакутуе і зьвіваецца каля мяне. „Поправ тэму, цо сен так віе” — кажа той, што страляў. І тады другі пусьціў у дзядзьку чаргу з аўтамата. Дабіў яго. Я ляжаў да таго часу, пакуль ня ўбачыў, што яны адышлі ад нас і сталі глядзець, як гарыць вёска. Я паволі адпоўз ад іх, потым прыўзьняўся і кінуўся бегчы. Тады якраз пачалася страляніна, я ня ведаю, стралялі па мне ці, можа, у вёсцы людзей забівалі. Я ўцякаў. Я схаваўся ў акопах, што засталіся пасьля немцаў, сядзеў там і прамёрз. Адчуваў, як па маім целе, пад вопраткай, сьцякае кроў. Трэба было падацца кудысь да людзей. Але куды пайсьці? Кругом польскія вёскі. Я пастукаў у акно, мне адчыніла бабулька. Сказаў, што я з Занёў, што нас спалілі і пабілі. Прыйшоў гаспадар, у хаце лямпы не палілі, але ён адчуў, што нешта са мною блага. Ён стаў мяне разглядаць і ўбачыў, што зь мяне цячэ кроў. Я быў ранены ў двух месцах. Адна куля прайшла праз шыю, другая трапіла ў плячо і выйшла каля локця. Ён мяне перавязаў, а ранкам павёз у Зані. На вуліцы я ўбачыў забітага бацьку. Зайшоў у хату, на пасьцелі ляжала мая сястра, ёй прастрэлілі грудзі. І той чалавек занёс сястру на сваю фурманку і павёз цераз Бранск у Бельск, у шпіталь. Там яе адратавалі. У Занях у тую ноч забілі 24 асобы. Многа паранілі. Наш сусед выносіў з хаты свайго ўнука, па ім стралялі з аўтамата, хлопчыку было ўсяго чатыры гады, а можа і таго не, кулі яго разнесьлі амаль на кавалкі, а суседу адстрэлілі абедзьве рукі. Яны потым выехалі ў СССР, засталася яго дачка, жыве ў Занях да гэтай пары.
Я: За што стралялі людзей у Занях і палілі вёску? Можа, хтось з Занёў нейкага паляка забіў або выдаў бясьпецы, і потым зь лесу прыйшлі помсьціць?
А. К.: Ніхто з нас нікога не забіваў. Стралялі і мучылі нас за тое, што мы беларусы, што рэлігія ў нас іншая. Вам, сьмярдзючым беларусам, месца там, пад Масквой, а ня тут, казалі яны ня раз. Вам трэба ведаць, якія ў нас тут, „на шляхце”, як людзі кажуць, палякі жывуць. Ім ксяндзы ў касьцёлах казалі, што руская рэлігія Маткі Боскай не прызнае, і яны гэтаму верылі і вераць да сёньня.
Успамінае П. М.: Заходзіць дзядзька ў нашу хату і кажа, што вёска гарыць. Я на двор, а на загуменьні стаяць з карабінамі. Назад у хату! Сядзець і не выходзіць! Я ўзяў дзьвюх маіх дачок на рукі, пайшоў зь імі на двор і цераз вуліцу подбегам, каб хутчэй, у лес. За мною стралялі, куля трапіла мне ў клуб, я ўпаў з дочкамі ў баразёнку на агародзе. Аднекуль падбегла мая сястра, забрала дзяўчынак і панесла іх за вёску. Я бачу, ляжыць мая мама на агародзе, забітая. Я падпоўз да яе, кранаю, але яна не варушыцца. Я ляжаў каля мамы ня ведаю як доўга, аж чую, крычаць: „Зьбюрка! Зьбюрка!” Вёска палыхае, яны ідуць вуліцай, згледзелі нас, падыходзіць адзін, падыходзіць другі. „Курва маць, нема набоі!” Потым падыходзіць трэці з карабінам, такі каратыш, ростам з мэтар, калі ў шапцы. Ён страляе ў маму, ужо мёртвую. Потым страляе ў мяне. І я тады, як ляжаў, то сеў і ня ведаю, што са мною сталася. Ужо нічога ня бачыў. Куля выбіла мне адно вока, прайшла пераносьсем і выкалупнула другое. Яно, як людзі мне потым казалі, ліпела нейкі час на адной жылцы. Яны пайшлі далей, а я застаўся сядзець там без вачэй, жывы. І ў таго каратыша не хапіла на мяне амуніцыі.
Магіла пастраляных 2 лютага 1946 году людзей у Занях мэтраў дзьвесьце за вёскай. На пачатку 1970-х на тым месцы паставілі мэмарыяльную табліцу. Высечана на ёй 24 прозьвішчы. Найстарэйшаму з забітых 83 гады, наймалодшаму — 4. Гэта тое хлапчанё, якое ратаваў і выносіў з полымя дзед, пакуль яму не адстрэлілі рук.
Зані спаліў адзін з аддзелаў так званага „Поготовя Акцыі Спэцыяльнэй” (ПАС), якім камандаваў „Буры” (Ромуальд Райс). Аддзел складаўся з АКаўцаў, якія прыйшлі на Беласточчыну зь Віленшчыны, і таксама зь мясцовых палякаў.
— Вы, калі ласка, не запісвайце нашых прозьвішчаў у газэце, — прасілі мяне жыхары Занёў. — Мы вам расказалі ўсё, як было. Але прозьвішчаў нашых не запісвайце. Жывуць нашы дзеці, нам трэба жыць. Зразумейце тое, што нас стралялі не партызаны з-за граніцы, а нашы суседзі з навакольных вёсак. Мы ня хочам, каб тыя, што стралялі нас тады, помсьцілі нам і цяпер. Калісьці называлі іх бандытамі, цяпер гавораць, што яны героі, бо змагаліся за вольную Польшчу.
Я запісаў гэтыя словы 17 красавіка 1990 году ў Занях, на беларускім астраўку ў Польскай Рэчпаспалітай.
Я не адчуваю нянавісьці да палякаў.





Чытаць цалкамhttp://nn.by/?c=ar&i=104462


Чытаць цалкамhttp://nn.by/?c=ar&i=104462

Brak komentarzy:

Prześlij komentarz